БАРА́БІНСКАЯ НІЗІ́НА,

Барабінскі стэп, Бараба, на Пд Зах. Сібіры, пераважна ў Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. Пл. каля 117 тыс. км². На Пд пераходзіць у Кулундзінскую раўніну. Паверхня — хвалістая раўніна (выш. да 150 м) з паралельнымі высокімі грывамі (асабліва на Пд). На грывах лугавыя стэпы, разнатраўныя лугі і бярозавыя гаі (калкі) на чарназёмах, саланцах і шэрых лясных глебах; у паніжэннях паміж імі — больш за 2000 прэсных і салёных азёраў (найб. Чаны, Тандава, Сартлан), сфагнавыя балоты, саланчаковыя лугі.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)